НАВІНЫ

Змены ў правілах паступлення ў беларускія ВНУ

Новы 2023 год пачаўся са зменаў правілаў прыёму ў беларускія ВНУ. Уводзяцца характарыстыкі са школы, закладваецца падмурак пад дыскрымінацыю беларускіх грамадзян, якія жывуць за мяжой. Сілавікі атрымаюць асаблівыя льготамі і ўмовы пры паступленні. Новаўвядзенні Мінадукацыі разабралі ў артыкуле выдання «Наше мнение». Прыводзім тэкст цалкам з перакладам на беларускую мову.


Паспяховы лабізм сілавікоў

Указ Лукашэнкі №2 ад 3 студзеня 2023 года змяняе ўмовы паступлення ва ўніверсітэты ў сярэдзіне акадэмічнага года, за 6 месяцаў да пачатку ўступнай кампаніі. І так адбываецца далёка не першы раз: вось і гэты ўказ карэктуе аналагічны, прыняты таксама ў студзені 2022 года. Вядомы рэпецітар Яўген Лівянт як заўсёды б адзначыў, што змяняць правілы на хаду непрымальна, вось толькі сілавікі затрымалі яго якраз за тыдзень да публікацыі ўказа.

Сілавікоў датычацца многія характэрныя пункты ўказа. Так, ВНУ сілавых ведамстваў зусім выведзеныя з-пад яго дзеяння: парадак прыёму ў вайсковыя ўніверсітэты будзе вызначаць Мінабароны, а ў Акадэмію нацыянальнай бяспекі — КДБ. Хто з сілавікоў і па якім прынцыпе паступіць у Акадэмію МУС для атрымання другой вышэйшай адукацыі — вырашаць будзе непасрэдна МУС.

На вайсковыя спецыяльнасці, а таксама транспартных войскаў і пагранічнай службы, у цэлым уводзіцца аблегчаны парадак паступлення — неабходна будзе здаваць толькі два прадметы замест трох. Што, вядома, сведчыць і аб узроўні папулярнасці гэтых спецыяльнасцяў, і аб узроўні падрыхтаванасці абітурыентаў.

А права паступаць зусім па-за конкурсам зараз ёсць у дзяцей сілавікоў, якія атрымалі інваліднасць падчас службы. Аналагічная льгота будзе і ў выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў. Праўда, ільготу можна выкарыстоўваць толькі пры паступленні ў ВНУ сілавых ведамстваў, або на ваенныя факультэты.

Самі па сабе гэтыя змены не выглядаюць пагрозліва для сістэмы адукацыі ў цэлым. Гэта, напрыклад, не глабальныя льготы для дзяцей усіх сілавікоў пры паступленні на ўсе спецыяльнасці (прынамсі пакуль). Ды і ўдакладненне пра інваліднасць (а не проста нейкую траўму пры падаўленні пратэстаў) істотна памяншае патэнцыйную аўдыторыю такой ільготы.

Але па гэтых зменах можна меркаваць пра тое, як расце ўнутрысістэмны ўплыў сілавікоў у шырокім сэнсе. Характэрны сам прынцып, паводле якога звязаныя з імі структуры выпадаюць з кантролю грамадзянскай адміністрацыі, а іх дзяцей надзяляюць асаблівымі льготамі і стымулююць працягваць справу бацькоў. Гэта нагадвае водгаласы такіх архаічных практык, як каставая сістэма, і замацаванне адмысловых умоваў для «варны кшатрыяў» (ваяроў і іншых сілавікоў).

Падмурак пад дыскрымінацыю эмігрантаў

У асобную катэгорыю ва ўказе выдзелены тыя абітурыенты, каго дзяржпрапаганда называе беглымі: «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў [або] пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь не больш за два гады перад паступленнем. Яны аднесеныя да бежанцаў, расейцаў, казахаў, кіргізаў і таджыкаў.

Пакуль усе яны могуць паступаць у беларускія ВНУ ў тым ліку на тых жа ўмовах, што і ўладальнікі беларускіх пашпартоў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. Гэта значыць, удзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы. Але само вылучэнне беларускіх эмігрантаў і іх дзяцей у асобную катэгорыю не абяцае нічога добрага.

Чыноўнікі ўжо вядуць публічна размовы пра тое, каб пазбавіць такіх беларускіх эмігрантаў, нароўні з так званымі «дармаедамі», правоў на атрыманне бясплатнай медыцынскай дапамогі. З гэтымі тэзамі на СТВ выступала першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова, і ёй паўтаралі вядоўцы: «пара гэтую лавачку прыкрываць», калі беларусы, «пражываючы ў іншай краіне, марнуючы грошы там, прыязджаюць у Беларусь, каб атрымаць медыцынскую дапамогу бясплатна». Гэта ж логіка кладзецца і на нібыта бясплатную адукацыю. Хоць яна, як і медыцына, ніякая не бясплатная, а аплачваецца з бюджэту, які фарміруецца з падаткаў беларускіх грамадзян — і далёка не толькі з тых, якія яны плацяць цягам двух гадоў да паступлення дзіцяці ў ВНУ або звароту да лекара.

Насуперак дэкларацыям пра народную еднасць, беларуская дзяржава імкнецца ўсяляк адмежавацца ад дыяспары, асабліва ад тых беларусаў, якія з’ехалі па палітычных матывах за апошнія два гады. Гэтыя беларусы ўспрымаюцца дзяржавай як чужыя, якія адрозніваюцца ў правах ад іншых уладальнікаў беларускіх пашпартоў. Як дармаедскі дэкрэт пераводзіў права на працу ў абавязак, так цяперашнія падыходы дзяржавы пераводзяць у абавязак права на пражыванне ў Беларусі. Інакш беларусаў чакае пазбаўленне ўсялякіх сацыяльных гарантый.

Непразрыстыя характарыстыкі з палітычнымі вушамі

Дагэтуль паступленне ў беларускія ВНУ ажыццяўляецца ў цэлым па мерытакратычным прынцыпе: хто прадэманстраваў найлепшыя веды (на іспытах, ЦТ, або ў выглядзе перамогі на рэспубліканскай алімпіядзе) — той і атрымлівае прыярытэтнае права стаць студэнтам. Наколькі ЦТ і іншае на самой справе адлюстроўвае ўзровень ведаў — асобная тэма, але прынцып усё ж менавіта такі. Ільготы для сельскіх школьнікаў, вядома, парушаюць мерытакратыю, але хаця б павышаюць даступнасць адукацыі і ращняюць дыспрапорцыі рэгіянальнага развіцця, а не заснаваныя на палітычных поглядах абітурыентаў.

У новым указе ж адраджаецца савецкі прынцып прадастаўлення абітурыентамі характарыстык са школы. Ва ўказе не сказана напрамую, якую ролю будзе адыгрываць характарыстыка пры паступленні, і якія звесткі ў яе будуць уключаныя — толькі што яна будзе аформленая «па форме і ў парадку, які ўстанаўліваецца міністэрствам адукацыі».

Кіраўнік Мінабра Андрэй Іванец ужо анансаваў, што характарыстыка будзе складацца з 11 пунктаў, і акрамя анкетных звестак туды ўвойдуць звесткі аб складзе сям'і абітурыента, яго ўдзеле ў розных мерапрыемствах і грамадскіх аб'яднаннях, пра хобі і дысцыпліну, а таксама аб адміністрацыйных затрыманнях. Іванец запэўнівае, што «характарыстыка выпускніка не адаб'ецца на яго паступленні ў ВНУ», а толькі «будзе ўплываць на выбудоўванне адукацыйнай і выхаваўчай траекторыі».

Аднак за ўсім гэтым хаваюцца палітычныя вушы. Моладзевыя грамадскія арганізацыі ў школах дзейнічаюць толькі лаяльныя ўладам, у асноўным БРСМ. Мерапрыемствы «патрыятычнай і працоўнай накіраванасці» накіраваныя на прапаганду рэжыму Лукашэнкі. І затрымліваюць у Беларусі ўсё часцей не за алкаголь, а за любыя праявы нелаяльнасці да ўлады і салідарнасці з Украінай. Напрыклад, на заўтра пасля публікацыі ўказа ГУБАЗіК затрымаў двух падлеткаў 13 і 15 гадоў за тое, што яны нібыта «распальвалі сацыяльную варожасць у дачыненні да рускай нацыі» і «ўсяляк піяраць бчб-дзвіжуху» у TikTok.

Ні ва ўказе, ні ў каментарах Мінадукацыі не раскрываецца, якім чынам школы будуць абгрунтоўваць звесткі з характарыстыкі — напрыклад, пра дрэнныя паводзіны, ці пра прычыны няўдзелу ў мерапрыемствах БРСМ. Цалкам верагодна, што ніяк. І ў такім выпадку характарыстыка стане элементам узмацнення валюнтарызму школьнай адміністрацыі, якая атрымае яшчэ адзін інструмент для ціску на непажаданых школьнікаў ці іх бацькоў.