НАВІНЫ

Беларускія педагогі ствараюць Асацыяцыю

Беларуская адукацыя перажывае не самы просты перыяд — губляецца прэстыж беларускага дыплома, адбываецца вялікі ідэалагічны ціск з боку дзяржавы, шмат выкладчыкаў звольненыя ці апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Але прадстаўнікі адукацыйнай сферы маюць намер выправіць сітуацыю. Так нядаўна ў Варшаве была ўтвораная Асацыяцыя падтрымкі настаўнікаў, выкладчыкаў і навукоўцаў, якая плануе аб’яднаць спецыялістаў у Беларусі і за мяжой.

Выданне «Свободные новости плюс» запыталі пра мэты і планы асацыяцыі ў ініцыятара аб’яднання — Паўла Церашковіча. Прыводзім цалкам тэкст інтэрвію.


Асацыяцыя мае на мэце аб’яднаць настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў з Беларусі, якія апынуліся ў групе рызыкі ў Беларусі, дзеля самавыжывання. Канчатковая мэта інстытуцыі – вяртанне дамоў і рэформа адукацыі ў Беларусі.

– Каму і якім чынавм Асацыяцыя плануе аказваць дапамогу?

П.Ц (Павел Церашковіч): Усё залежыць ад таго, дзе знаходзіцца чалавек. Калі спецыяліст ў сферы адукацыі згубіў працу ў Беларусі, то будзем шукаць магчымасці дапамагчы яму застацца ў прафесіі, не страціць кваліфікацыю. Гэта магчыма шляхам далучэння да праграм дыстанцыйнага навучання ў якасці выкладчыка – першы варыянт. Другі варыянт – далучэнне чалавека да даследчага праекта: будзем шукаць такія спосабы. А ў перспектыве разглядаем верагоднасць самім ствараць важныя і запатрабаваныя праекты. Гэта ў тым выпадку, калі Асацыяцыя будзе развівацца і з’явіцца Фонд дапамогі.

Калі настаўнік, выкладчык апынуўся за мяжой, то першае, чым мы плануем (пакуль мы нічога не можам, ‘сць толькі адпаведныя напрацоўкі) дапамагчы, – пацвердзіць статус. Гэта вельмі і вельмі істотна. Існуюць міжнародныя арганізацыі дапамогі, якія павінны гэта рабіць. Але праблема разраслася да неверагодна вялікіх памераў, таму яны збольшага занятыя афганцамі і ўкраінцамі, і ў іх папросту не хапае часу на беларусаў. Мы вырашылі: раз так, самі зоймемся гэтым. І будзем выдаваць адпаведныя сертыфікаты: у Германіі такі рэкаменлацыйны ліст папросту абавязковы, у другіх краінах дапамагае, калі падаешся на гранты, заяўкі на стыпендыі. Ва ўсіх выпадках карысна пад час легалізацыі.

Другі крок адрасуецца тым настаўнікам і выкладчыкам, у якіх былі лічаныя гадзіны, каб пакінуць Беларусь. Натуральна, людзі не паспелі зрабіць апастыль, таму ў замежжы сутыкаюцца з непрызнаннем дыпломаў. Зноў-такі нашая Асацыяцыя займацца і гэтай праблемай.

Безумоўна, будзем рыхтаваць людзей да таго, як самастойна шукаць гранты, стыпендыі, магчымасць працаўладкавання. Таму адзін з першых крокаў, якім мы зараз робім, – стварэнне віртуальнай электроннай пляцоўкі “Адукацыйны кірмаш”, дзе маглі б сустракацца працадаўцы (ужо ёсць інстытуцыі, якія даюць адукацыйныя паслугі, але яны мала вядомыя), тыя хто шукае працу (настаўнікі, выкладчыкі, навукоўцы), і дзеці, ці, хутчэй, іхнія бацькі. На адной пляцоўцы мы хочам сабраць усіх гульцоў са сферы адукацыі. Пры падрыхтоўцы канферэнцыі ў Варшаве стварылі чат канферэнцыі, ён застаўся жывым і працуе ў якасці прататыпу такой пляцоўкі.

Гэта неадкладныя праблемы, якімі, па нашай задуме, зоймецца Асацыяцыя. А на перспектыву мы плануем працаваць над рэформай адукацыі ў Беларусі. Канчатковая мэта – далёкая: вярнуцца ў Беларусь і на базе Асацыяцыі стварыць Грамадскую раду пры міністэрстве адукацыі. Але ні ў якім разе не будзем звязвацца з дзяржавай: мы бачым сябе ў якасці незалежнай арганізацыі, якая будзе стаяць паміж сістэмай адукацыі і насельніцтвам.

– Асацыяцыя аб’ядноўвае спецыялістаў у сферы адукацыі, якія апынуліся за бортам прафесіі па палітычных прычынах. Ці ўяўляеце вы маштабы праблемы?

П.Ц: На жаль, дакладных лічбаў пацярпелых яма, але гаворка ідзе пра сотні чалавек.

Людзі, якія засталіся ў Беларусі, баяцца ўголас казаць пра свае праблемы, таму што публічныя выступы могуць прывесці да далейшых рэпрэсій. З іншага боку, значная частка тых, хто апынуліся за мяжой, найперш разлічваюць на дапамогу сяброў і знаёмых. Таму нашая мэта – стварыць інстытуцыю, якая аб’яднае ўсіх, каб супольна вырашаць агульныя праблемы.

– Якім чынам можна звязацца з Асацыяцыяй і атрымаць дапамогу?

П.Ц: Пакуль што толькі персанальна са мной. Як толькі мы створым сайт, тут жа дамо кантакты ў публічную прастору.